5 чэрвеня 2025 года ў рамках ХХVI Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе прайшло богаслужэнне ў памяць Св. Еўфрасінні Полацкай і мерапрыемства “Полацкія святыні”, арганізаваныя Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК) Дома адзінства.
З раніцы ў Барыса-Глебскім кафедральным саборы адбылося традыцыйнае штогадовае богаслужэнне ў гонар прападобнай святой Еўфрасінні Полацкай.
Увечары таго ж дня ў Цэнтры беларускай культуры прайшло мерапрыемства, на якім кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская прадставіла пазнавальную лекцыю-прэзентацыю аб полацкіх святынях: Еўфрасінні Полацкай і заснаваным ёю Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры, фрэсках і напрастольным Крыжы.
Гледачы змаглі палюбавацца карцінай Анастасіі Сазанковай “Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр”, напісанай шмат гадоў таму. Асаблівую цікавасць выклікала фотавыстава з архіва сям'і мастака-ювеліра Мікалая Кузьміча аб працэсе аднаўлення Крыжа Е. Полацкай і гісторыя знікнення “беларускага Святога Грааля”. Пра гэта напісана шмат кніг, некаторыя былі прадстаўлены на выставе.
Сакральным беларускім рэліквіям прысвяцілі свае творы многія літаратары. На вечарыне прагучалі вершы Ларысы Геніюш, Алеся Звонака, Дануты Бічэль-Загнетавай, Алеся Разанава і Станіслава Валодзькі ў выкананні ўдзельнікаў вечарыны М. Памецькі, В. Сухаравай, Н. Юхноўскай і Н. Міхайлавай.
Мерапрыемствы арганізаваны Цэнтрам беларускай культуры Дома адзінства ў супрацоўніцтве з Даўгаўпілскім беларускім таварыствам “Альтанка”.
https://www.bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/761-polockas-svetvietas-glaba-vesturi-un-noslepumus#sigProId0fba39c4e0
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
т.: +371 65424695,
эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.