1 красавіка 2021 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася святочная онлайн-выстава “Велікодны настрой”, асновай якой паслужылі кампазіцыі, выкананыя таленавітымі рукамі кіраўніцы мастацкай студыі “Каларытны свет” Вэлты Лоцэ.
https://www.bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/463-belaruski-dom-sustrakae-svyata-z-velikodnym-nastroem#sigProId37f42330a4
З надыходам вясны ў беларусаў звязана шмат цікавых абрадавых святаў. Бо вясна з'яўляецца сімвалам адраджэння, абнаўлення, росквіту, абуджэння прыроды ад зімовай спячкі.
У Цэнтры беларускай культуры ў фармаце онлайн ужо праводзілі зіму і адзначылі Масленку, правёўшы фотаконкурс “Бліны на Масленку”; правялі адно з самых радасных і вясёлых вясновых святаў “Гуканне вясны”, дзе дзеці на майстар-класах рабілі з паперы папяровую аплікацыю (выцінанку) “Птушка з далоні” і актыўна зазывалі вясну.
А цяпер настаў час падрыхтоўкі да аднаго з самых галоўных хрысціянскіх святаў у Беларусі, якім з'яўляецца Вялікдзень. Студыя ЦБК “Каларытны свет” падрыхтавала выдатную, яркую рознакаляровую кампазіцыю “Велікодны настрой”, для стварэння якой выкарыстоўваліся падручныя прыродныя матэрыялы і сродкі. Па зразумелых прычынах экспазіцыя зможа радаваць гледачоў толькі ў рэжыме онлайн. Азнаёміцца з пасхальнай выставай можна на сайце bkc.daugavpils.lv і дамашняй старонцы Facebook.
Цэнтр беларускай культуры сардэчна віншуе ўсіх са светлым святам Вялікадня! Жадаем міру, дабра, любві, душэўнага спакою і дабрабыту! Няхай ваш агмень заўсёды грэе каханне, блізкія будуць побач, а запаветныя мары і жаданні абавязкова спраўдзяцца! Няхай гэтае свята падорыць разуменне, гармонію і радасць!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК