17 чэрвеня 2020 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй, арганізаваны Інфармацыйным цэнтрам для перасяленцаў (ІЦП). У рамках мерапрыемства госці з розных гарадоў Латвіі пазнаёміліся з традыцыямі святкавання беларускага народнага свята "Купалле".
https://www.bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/399-udzelniki-seminara-para-nali-tradytsyi-liga-i-kupallya#sigProId0657408bd7
Напярэдадні латышскага традыцыйнага свята Ліга ў Цэнтры беларускай культуры прайшло мерапрыемства Інфармацыйнага цэнтра для перасяленцаў. Мэтай дадзенага мерапрыемства стала знаёмства прысутных з работай ІЦП, а таксама з традыцыямі святкавання летняга сонцастаяння ў розных культурах. Пра гэта расказалі кіраўніца рэгіянальнага пункта “Латгале” ІЦП Ілзэ Чаманэ і іншыя ўдзельнікі семінара.
Жывую і непадробленую цікавасць выклікала купальская праграма, падрыхтаваная творчымі калектывамі Цэнтра. Салістка Настасся Лукашонак выканала беларускую народную песню “А ў садзе рэчанька”, а ансамбль “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў) выканаў латгальскую народную песню “Auga rūžeņa” у перакладзе Станіслава Валадзькі на беларускую мову і карагодную “Пойдзем лугам”. Госці прынялі ўдзел у купальскай народнай гульні “Явар, яваровы людзі” – праходзілі праз імправізаваныя вароты, усяляк пазбягаючы долі трапіць у замкнёнае кола. З кіраўніцай танцавальнага ансамбля “Лянок” Марынай Медунецкай актывісты з запалам вывучылі крокі беларускіх народных танцаў “Падыспань” і “Карапет”, а таксама шматнацыянальнага танца “Ойра”.
У ходзе мерапрыемства прайшлі майстар-класы па беларускай народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці: “Выцінанка” і “Лялька-абярэг”. Удзельнікі семінара з захапленнем вучыліся рабіць выразаныя папяровыя паштоўкі з сімваламі Купалля – сонцам і папараць-кветкай, і ляльку-абярэг “Берагіня”. Сваё рукадзелле кожны забраў на памяць.
Кульмінацыйнай кропкай мерапрыемства стала пляценне вялікага вянка. Удзел у гэтым зачаравальным магічным дзеянні прынялі ўсе. Вянок са свежых лугавых кветак і траў, дубовых галінак атрымаўся яркім, духмяным і ... загадкавым. Кожны жадаючы мог пралезці праз вянок і загадаць запаветнае жаданне.
А жаданні былі добрыя: росквіт роднага краю, згода і яднанне ў шматнацыянальнай сям'і, чаму спрыяюць такія мерапрыемствы, як семінар у Беларускім доме, які пазнаёміў гасцей з розных куткоў Латвіі з традыцыямі беларускага Купалля напярэдадні латышскага Ліга
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры