“Паўлінка” прадставіла беларускую культуру на фестывалі “Baltica”
Друкаваць

“Паўлінка” прадставіла беларускую культуру на фестывалі “Baltica”

29 чэрвеня 2025 года ў Даўгаўпілсе прайшоў заключны дзень Міжнароднага фальклорнага фестывалю “Baltica”. На прэстыжным культурным форуме беларускую культуру прадстаўляла тэатральная студыя “Паўлінка” Цэнтра беларускай культуры Дома адзінства.

Сонечным нядзельным днём тысячы людзей у народных строях з розных куткоў Латвіі і замежжа спявалі і танцавалі на шасці канцэртных пляцоўках у гістарычным цэнтры Даўгаўпілса. Тут завяршыўся міжнародны фальклорны фестываль “Baltica-2025”, які пачаўся ў Рызе і Сігулдзе. На гэты раз ён быў прысвечаны моўнай разнастайнасці. Нядзельныя канцэрты называліся “Gūdam laižu volūdeņu”, што азначае праслаўленне сваёй мовы ў перакладзе з латгальскай.

Сваю беларускую мову праслаўляла тэатральная студыя “Паўлінка” ЦБК пад кіраўніцтвам Інэсы Казлоўскай у складзе Аляксандра Лапы, Анастасіі Лукашэнак і Алены Кіча. Гледачы ўбачылі фрагмент збору ў куфар пасагу для дачкі і пачулі тры народныя песні з рэгіёну Палессе: “Шчыпала-ламала чырвоную ружу”, “Не ходзі, козачэ” і “Выганяй, маці, каваля з хаты”, выкананыя акапэльна ў беларускім аўтэнтычным традыцыйным стылі спеваў.

Таксама ўдзельнікі тэатральнай студыі “Паўлінка” прынялі ўдзел у святочным шэсці – па вуліцы Рыгас ад чыгуначнага вакзала на плошчу Віенібас, дзе да ўдзельнікаў фестывалю звярнуўся старшыня Даўгаўпілскай гарадской думы Андрэй Элксніньш.

Кіраўніца тэатральнай студыі “Паўлінка” І. Казлоўская: “На фестывалі “Baltica-2025” наша “Паўлінка” аказалася адзіным творчым калектывам, які прадстаўляў беларускую культуру, і адзіным калектывам з нацыянальна-культурных меншасцяў Даўгаўпілса. Гэта ўскладала на артыстаў дадатковую адказнасць. Не перадаць усю гаму пачуццяў пасля выступлення, да слёз: гонар, радасць, хваляванне, шчасце. Мы вельмі ўдзячныя ўсёй камандзе ЦБК за падтрымку”.

  • Click to enlarge image 01_Baltica_29.06.2025.jpg
  • Click to enlarge image 02_Baltica_29.06.2025.JPG
  • Click to enlarge image 03_Baltica_29.06.2025.jpg
  • Click to enlarge image 04_Baltica_29.06.2025.jpg
  • Click to enlarge image 05_Baltica_29.06.2025.jpg
  • Click to enlarge image 06_Baltica_29.06.2025.jpg
  • Click to enlarge image 07_Baltica_29.06.2025.jpg
  • Click to enlarge image 08_Baltica_29.06.2025.jpg
  • Click to enlarge image 09_Baltica_29.06.2025.jpg
  • Click to enlarge image 10_Baltica_29.06.2025.jpg
  •  
View the embedded image gallery online at:
https://www.bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/769-paulinka-parstaveja-baltkrievu-kulturu-festivala-baltica?print=1&tmpl=component#sigProId957b3f0428

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры