27 снежня 2024 года ў Цэнтры беларускай культуры Дома Адзінства прайшлі “Калядныя вячоркі”, на якіх былі падведзены вынікі 2024 года.
Творчыя калектывы ЦБК: “Купалінка”, “Лянок”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Паўлінка” і “Скарбніца” успомнілі самыя яркія моманты адыходзячага няпростага года.
Першы год ЦБК адпрацаваў у новым статусе - як структурнае падраздзяленне Дома адзінства. У 2024-м годзе Цэнтр беларускай культуры яркім канцэртам адсвяткаваў сваё 25-годдзе, а дзіцячая студыя “Скарбніца” - 5-годдзе, вакальны ансамбль “Пралескі” - 10-годдзе. Для ўсіх шасці калектываў ЦБК самым адказным выступам быў удзел у чэрвені ў Міжнародным фестывалі нацыянальных меншасцей у Ліепаі. Сур'ёзным выклікам стаў удзел у аглядзе Міжнароднага фальклорнага фестывалю “Балтыка 2025”, і яго годна прайшла тэатральная студыя “Паўлінка” (1 ступень!). Незабыўныя ўражанні пакінуў удзел у замежных фестывалях - у Беластоку (Польшча) і Вісагінасе (Літва), а таксама фестывалі “Фэст” у Дагдзе і свяце “Сузор'е” збірае сяброў” у Рэзекне. Добрымі ўспамінамі запомніліся 14-ы Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, канцэрты “Суквецце культур” (у супрацоўніцтве з Даўгаўпілскім беларускім таварыствам “Альтанка”), “Купалле” і “Прысвячэнні Латвіі”, Міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні”, а таксама мноства выстаў, творчых вечарын, конкурсаў, акцый і сустрэч. Аб усім гэтым у студзені наведвальнікам ЦБК раскажа фотавыстава па выніках 2024 года.
А на “Калядных вячорках” у святочнай атмасферы Цэнтра беларускай культуры самадзейныя артысты і іх сябры весела і крэатыўна праводзілі адыходзячы год. Ён быў добрым - паспяховым, таленавітым і пазітыўным.
https://www.bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/719-kaladu-vakaresana-laika-apkopoti-2024-gada-rezultati?print=1&tmpl=component#sigProIdf014309aeb
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры