20 снежня 2024 года каля ўпрыгожанай да Калядаў аркі на вуліцы Рыгас панавала ажыўленне. Тут ненадоўга затрымаўся беларускі “дзед мароз” Зюзя з вясёлай кампаніяй сяброў, каб выслухаць запаветныя жаданні дзетвары і заахвоціць іх за падораныя паштоўкі. Мерапрыемства пад назвай “Зюзi на вушка” арганізаваў Цэнтр беларускай культуры Дома адзінства.
Зюзя – старажытны зімовы персанаж з фальклору, бог зімы. У беларусаў больш папулярны Дзед Мароз, а пра Зюзю ўспомнілі не так даўно, ён з'яўляецца больш рэгіянальным героем, шырока вядомым на Віцебшчыне і Палессі. У Цэнтры беларускай культуры вырашылі вярнуць міфалагічнага беларускага персанажа Зюзю ў культурнае асяроддзе Даўгаўпілса. Яго адразу запомнілі і палюбілі школьнікі. Бо вельмі пацешным і мілым здаецца яго імя. Бо яно паходзіць ад дзеяслова на беларускай мове “зюзець”, што значыць мерзнуць. Зюзя носіць белы кажушок. У ЦБК такога пакуль яшчэ няма, таму Зюзя працягвае фарсіць у парадна-футравым уборы, традыцыйнага для беларускіх народных строяў чырвонага і белага колеру.
Па паданні, Зюзя ніколі не носіць падарункі. У Даўгаўпілсе ён не раздаваў падарункі, а заахвочваў дзетвару і дарослых за старанні: за самаробную паштоўку – набор яркіх ёлачных паштовак, за вершык – цукерку.
Зюзя быў такім адкрытым, простым і родным, што сумненняў не заставалася: трэба верыць у цуд, дабро і перадаваць пазітыўны настрой іншым, што і зрабіла ў ціхі адвенцкі вечар каманда ЦБК.
Дарэчы, калі ёсць жаданне, можна яшчэ да 14 студзеня прынесці ў Цэнтр беларускай культуры паштоўку і атрымаць узнагароду ад Зюзі.
Выстава калядных паштовак на вокнах Цэнтра беларускай культуры будзе радаваць прахожых вуліцы Алеяс усю зіму.
https://www.bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/718-baltkrievu-zjuzjai-berni-cuksteja-uz-auss?print=1&tmpl=component#sigProId5dfba374cc
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры