У сераду, 21 лютага, у 10.00, у Цэнтры беларускай культуры (вул. Алеяс, 68-1А) Даўгаўпілскага Дома адзінства пройдзе V Міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні”, у рамках якой у 17.30 будзе магчымасць удзельнічаць у дыктоўцы па беларускай мове.
У канферэнцыі з 14 рознымі рэфератамі, якія аб'ядноўвае тэма “Мінулае. Ідэнтычнасць. Асоба”, прымуць удзел навукоўцы і даследчыкі з Латвіі, Літвы і Польшчы. Па выніках плануецца выдаць зборнік матэрыялаў V Міжнароднай канферэнцыі “Беларускія чытанні”. А ў 17.30 у кожнага прыхільніка роднай мовы будзе магчымасць праверыць свае веды ў правапісе беларускай мовы, удзельнічаючы ў штогадовым публічным дыктанце. Усе мерапрыемствы канферэнцыі бясплатныя.
Навукова-практычная канферэнцыя “Беларускія чытанні” праходзіць у Даўгаўпілсе штогод і прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы. Мэты – вывучэнне культурна-гістарычных сувязей Латвіі і Беларусі, гісторыі беларускай дыяспары ў Латвіі, а таксама пашырэнне сувязей паміж вучонымі і даследчыкамі, якія працуюць у гэтым напрамку.
Як зазначае кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Дома адзінства Жанна Раманоўская: “Хоць канферэнцыя будзе праходзіць ужо пяты год запар, сёлета мы яе асабліва чакаем – паколькі доўгі час “Беларускія чытанні” праводзіліся ў фармаце анлайн, то на гэты раз мы зноў апынемся ў “вочным рэжыме”. І гэта ўжо выклікае і прыемныя клопаты, і хваляванне. І яшчэ мы рады, што сёлета падчас канферэнцыі будуць прадстаўлены новыя, да гэтага часу не раскрытыя нам гістарычныя дакументы і факты пра беларускую дыяспару ў Латвіі”.
Мерапрыемства арганізуе структурная адзінка “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання.
Інфармуем, што падчас канферэнцыі будзе весціся фота і відэаздыманне, у выніку якіх атрыманыя матэрыялы будуць скарыстаны для выданняў і архіваў ЦБК.
Інфармацыю падрыхтавала:
Анастасія Бароўская,
кіраўніца культурных праектаў Цэнтра беларускай культуры,
тэл.: 27492159
э-майл: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
V Міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні” (Мінулае. Ідэнтычнасць. Асоба)
г. Даўгаўпілс, вул. Алеяс, 68-1А, Цэнтр беларускай культуры
21 лютага 2024 года, пачатак – у 10:00
Праграма:
Мінулае
- Хенрыхс Сомс “Скрыжаванні гісторыі Беларусі і Латгаліі ў XVIII-XXI стагоддзях: інфармацыя з рэгіянальнай базы дадзеных “Latgales Dati” (Даўгаўпілс)
- Яўген Дудкін “Беларускі нацыянальны рух у Дзвінску ў пісьмах А. Сальцэвіча да В. Ластоўскага ў лютым 1926 года” (Варшава, Польшча)
- Максім Каралёў “Праца ажывілася”: студэнты-практыканты ў латышскіх сельсаветах Савецкай Беларусі” (Варшава, Польшча)
- Іосіф Рочка “Выратаванне даўгаўпілскіх яўрэяў у Беларусі ў гады Халакоста” (Даўгаўпілс)
- Інэта Яноўская “Даўгаўпілскія беларусы, дэпартаваныя ў Сібір у 1949 годзе” (Даўгаўпілс)
Ідэнтычнасць
- Лілія Плыгаўка “Мова як паказчык нацыянальна-культурнай ідэнтыфікацыі асобы” (Вільнюс, Літва)
- Алена Забельская “Вопыт супрацоўніцтва грамадскай арганізацыі “Таварыства беларускай школы” з Вільнюскай дзяржаўнай гімназіяй імя Францыска Скарыны” (Вільнюс, Літва)
- Іерэй Алексій Вінаградаў (Карсаўская царква прп. Еўфрасінні Полацкай – узор традыцый праваслаўнага драўлянага дойлідства: ад мінулага ў сучаснасць” (Карсава)
- Марыя Памецька “Уселатвійскае свята песні і танца: удзел творчых калектываў Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання”
- Жанна Раманоўская “Латвійская гісторыя беларускага дзіцячага пісьменніка Янкі Маўра: пошукі і знаходкі”
Асоба
- Рыта Кучанэ “Протаіерэй Феадор Нікановіч – вядомы падзвіжнік праваслаўя ў Полацка-Віцебскай епархіі” (Лудза)
- Галіна Іванова “Беларус Сяргей Сахараў – латвійскі педагог, этнограф, гісторык праваслаўя”
- Мілана Другавейка “Канстанцін Езавітаў: крыніцы ў Латвійскім Дзяржаўным гістарычным архіве Латвійскага Нацыянальнага архіва” (Рыга)
- Ірэна Куніцкая “Канстанцін і Люцыя Александровічы – палякі ў беларускай культуры міжваеннага перыяду ХХ стагоддзя»
Арганізатар канферэнцыі: структурнае падраздзяленне “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання
(тэл. +371 654 24695, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv)
Уваход вольны.
На мерапрыемстве вядзецца фота і відэаздыманне для выданняў і архіваў ЦБК.