17 снежня 2023 года на плошчы Віенібас удзельнікі творчых калектываў структурнага падраздзялення “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіраванняў у другі раз парадавалі гараджан і гасцей горада тэатралізаваным перадкалядным паказам “Беларускія Каляды”.
Тыднем раней з традыцыямі святкавання беларускіх Каляд, якія склаліся стагоддзямі, гараджан знаёмілі на майстар-класах.
Плошча Віенібас была шматлюднай і жадаючых пагуляць у гульні і павадзіць карагоды было хоць адбаўляй. Надвор'е не перашкодзіла гараджанам вітаць вясёлую і шумную кампанію пераапранутых: Казу, Гаспадыню, Механошу, Мядзведзя, Лісу, Дзеда, Птушку, Варажбітку, якая прайшлася па вул. Рыгас да плошчы Віенібас з галоўным сімвалам свята – Каляднай зоркай.
Самадзейныя артысты Цэнтра беларускай культуры на чале з калядоўшчыкамі паказалі яркае тэатральнае прадстаўленне з песнямі, танцамі, гульнямі і карагодамі. Удзельнічалі ўсе творчыя калектывы ЦБК: “Купалінка”, “Лянок”, “Паўлінка”, “Пралескі”, “Скарбніца” і “Спадчына”.
Гледачы натхнёна падпявалі калядныя песні, з рызыкай гулялі ў народныя гульні, вадзілі карагоды вакол ёлкі.
Беларускія Каляды зарадзілі ўсіх пазітыўным святочным настроем. А калядоўшчыкі жадалі ўсім здароўя, міру і дабрабыту, а любімаму гораду – росквіту.
https://www.bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/659-baltkrievi-rad-ja-ierazu-svetku-kaladi-trad-cijas?print=1&tmpl=component#sigProIdfc19546b67
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры