Друкаваць

Фотаздымкі, дакументы і кнігі дапамагаюць зразумець і аднавіць мінулае

Трэцяе мерапрыемства з серыі даследчай акцыі “Артэфакты маёй сям'і”, прызначанай вывучаць этнічную і нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў Даўгаўпілса, прайшло ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) 16 сакавіка 2022 года. На гэты раз тэмай вывучэння сямейных архіваў сталі дакументы, фатаграфіі і кнігі, якія звязваюць беларусаў Даўгаўпілса з этнічнай радзімай.

  • Click to enlarge image 01_artefakti_3_16.03.2022.jpg
  • Click to enlarge image 02_artefakti_3_16.03.2022.jpg
  • Click to enlarge image 03_artefakti_3_16.03.2022.jpg
  • Click to enlarge image 04_artefakti_3_16.03.2022.jpg
  • Click to enlarge image 05_artefakti_3_16.03.2022.jpg
  •  
View the embedded image gallery online at:
https://www.bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/524-fotazdymki-dakumenty-i-knigi-dapamagayuts-zrazumets-i-adnavits-minulae?print=1&tmpl=component#sigProId2b9b9a3388

 Адкрываючы вечарыну, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская традыцыйна спасылаецца на акадэміка і этнографа Яніну Курсітэ-Пакуле, якая адзначае, што сярод рэчаў у чужой прасторы асаблівае напаўненне маюць фотаздымкі, якія “з аднаго боку, дапамагаюць не забыць родных, родныя мясціны. З другога боку, выконваюць і нейкую магічную функцыю”. Фатаграфіі блізкіх людзей, любімая кніжка казак, школьная грамата ці іншы асабісты прадмет са сваёй, бацькоўскай хаты, дапамагаюць асвоіцца і выжыць у новым месцы. Яны, няхай нават патрапаныя і пашкоджаныя, акрэсліваюць мяжу і дапамагаюць аднавіць мінулае.

У поўнай меры пацвярджэннем гэтых слоў сталі выступленні 12 удзельнікаў, якія дзяліліся настальгічнымі ўспамінамі, прадастаўляючы ўвазе прысутных пажоўклыя ад часу дакументы, пацёртыя здымкі, зачытаныя “да дзюр” кнігі. Некаторым рэліквіям, якія захоўваюць дух эпохі, каля паўтары сотні гадоў.

Ж. Раманоўская прадставіла выдадзеную ў Даўгаўпілсе ў 1928 годзе брашуру “На Полацкім замчышчы”. Казачную феерыю па п'есе “Сон на Кургане” Янкі Купалы інсцэніравала Вольга Сахарава, настаўніца Даўгаўпілскай дзяржаўнай беларускай гімназіі і выдала з прысвячэннем “роднаму месцу Полацку”. У музей ЦБК выданне перадала ўнучка сям'і Сахаравых Нона Ахметуллаева. Трэба адзначыць, у многіх сем'ях старыя фатаграфіі і дакументы не захаваліся, былі знішчаны ўладамі, ваеннымі пажарамі ці страхам рэпрэсій.

У аснову сцэнарыя вечара лягла прэзентацыя; на экран былі выведзены сканіраваныя фатаграфіі і дакументы. Эмацыйнае выступленне кожнага з выступаючых кранала да глыбіні душы. Бо гэта былі апавяданні пра сваіх продкаў, пачынаючы з бацькоў, бабуль і дзядуляў, аж да 5-га пакалення. І многія моманты ў іх жыцці былі не проста нялёгкімі, але і часта трагічнымі. Жахі Першай і Другой сусветных войнаў, калектывізацыі, дэпартацыі, канцлагераў, перажытага голаду і разрухі, непасільна цяжкай працы кранулі многіх.

Гісторыя роднага дзядзькі Ніны Юхноўскай – таму пацверджанне. У 1942 годзе

17-гадовы хлопчык з вёскі ў Заходняй Беларусі быў вывезены ў Нямеччыну на працы. У сямейным архіве ёсць толькі некалькі дакументаў, атрыманых па запыце праз Чырвоны Крыж: фатаграфія на дакументы, анкета і заключэнне ўрачоў аб смерці. Астанкі дзядзькі спачываюць у мястэчку ў Швейцарыі, на мяжы з Германіяй, але персанальнай магілы ў беларускага гастарбайтэра, які памёр на чужыне ў 19 гадоў ад туберкулёзу, няма.

Неверагодна займальнай аказалася гісторыя Алены Радзівонавай. Яе прадзед разам са стрыечным братам у 1928 годзе  з Шаркаўшчыны адправіліся на заробкі ў рызыкоўнае падарожжа ў Аргенціну. Дабіраліся да Буэнас-Айрэса больш за тры месяцы. Але гэтая гісторыя з «хэпі-эндам» – мужчыны зарабілі добры капітал і праз 4 гады шчасліва вярнуліся на радзіму. Сям'я прадзеда купіла зямлю, сельскагаспадарчую тэхніку, адбудавала хутар і была вельмі заможнай.

Паэт Станіслаў Валодзька прысвяціў свайму бацьку верш “Аднаасобнік” і зачытаў яго пасля таго, як прадставіў фатаграфію. На здымку 1950-х гадоў селянін зняты са сваім любімым канём-дапаможнікам. Бацька не ўступіў у калгас, каня ў сям'і забралі.

Фотамастак Эдуард Літвіноўскі паказаў пасведчанне аб шлюбе прабабулі і прадзядулі, якія ўзялі шлюб у г. Жлобін Гомельскай вобласці ў 1934 годзе. Аформлены ж дакумент быў толькі ў 1955 годзе. Што адметна, у снежні мінулага года ў Гомелі прайшла персанальная фотавыстава Э. Літвіноўскага і з'явілася цікавасць да сваіх этнічных каранёў.

Напэўна, успамін з'яўляецца наймацнейшай асаблівасцю нашай душы. Таму сёння так цікава разглядаць старадаўнія здымкі – на іх побыт, людзі, архітэктура, падзеі таго часу. Вось у Гродзенскай вобласці выганяе карову на пашу дзяўчынка Марыя, а на заднім плане двара побач з домам, крытым яшчэ саломай, бацька будуе новую пуню. А вось чацвёра бравых мужчын глядзяць праз адтуліны – “ілюмінатараў самалёта рэйса Вільня-Познань” – гэта дзядзькі і зямляк Галіны Сантоцкай сфатаграфаваліся ў свята на рэкламным стэндзе ў 1930 годзе.

І тут жа ідзе апавяданне Галіны Кароль аб здымку 1900 года пра свайго заможнага працавітага дзеда. Яшчэ цікавей была асоба прадзеда, які пражыў 108 гадоў. Ён слыў вельмі багатым: уся абшчына здавала яму лішкі рыбы, збожжа, жывёлы. Прадзед ніколі не расставаўся з куфэркам, у якім захоўваў золата; праўда, гісторыя аказалася таямнічай – куфэрак бясследна знік.

Аповяд Марыны Міндрык перанёс усіх у часы Другой сусветнай вайны. Бацька быў франтавіком, а сям'я ў Міёрскім раёне, рызыкуючы жыццём, усю вайну хавала ў сябе яўрэяў. Потым яўрэйская сям'я пераехала ў Рыгу і доўга падтрымлівала сувязь са сваімі выратавальнікамі.

Разуменне і цікавасць да сваіх каранёў прыходзіць з часам, важна сабраць і захаваць гісторыю сваёй сям'і для нашчадкаў. Пра гэта казалі многія на вечары. Напрыклад, Інна Валюшка запісала для сваіх дзяцей і ўнукаў сямейную гісторыю на 20-ці старонках; Святлане Сталяровай у 70-гадовым узросце дзядзька перадаў радавод дрэва, якое сыходзіць каранямі на некалькі стагоддзяў таму, з наказам працягваць даследаванне. Валянціна Ліпінская, як гісторык, разумее каштоўнасць дакументаў і захоўвае сямейныя рэліквіі: бацькоўскія ўзнагароды, сертыфікат на маёмасць, ашчадныя кніжкі, пажоўклыя фотаздымкі.

Дзяліцца апавяданнямі аб прадметах і падзеях сямейных гісторый беларусаў працягнем у красавіку. Наступны этап даследчай акцыі “Артэфакты маёй сям'і” будзе прысвечаны прадметам працы – хатнім і сельскагаспадарчым. Сустрэча адбудзецца 13 красавіка, а 17 гадзін, у Цэнтры беларускай культуры. Далучайцеся!

Інфармацыя падрыхтавана:

Марыя Памецька,

метадыст Цэнтра беларускай культуры