8 снежня 2017 года Цэнтр рускай культуры запрасіў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў Даўгаўпілса прыняць удзел у традыцыйным свяце «Калядныя вячоркі». Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) у сяброў вучыўся ляпіць традыцыйны рускі пачастунак - пельмені.
Цэнтр рускай культуры штогод арганізоўвае «Калядныя вячоркі», на якіх дзеліцца сакрэтамі прыгатавання розных страў рускай нацыянальнай кухні. У праграме гэтага свята гасцям была прадстаўлена магчымасць адчуць сябе кулінарамі, зляпіць пельмені і прадэгуставаць сваё тварэнне.
Увесь працэс падрыхтоўкі пельменяў адбываўся хутка і прадуктыўна. Гэта страва настолькі папулярная і вядомая ўсім, што ўваходзіць у рацыён многіх сем'яў, незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці. Падчас майстар-класа госці таксама дзяліліся сваімі сакрэтамі кулінарнага майстэрства і спрабавалі знайсці аналаг пельменям у традыцыйнай кухні свайго народа. Напрыклад, для ўкраінцаў гэта варэнікі, у яўрэяў - крэплах.
Пасля майстар-класа госці азнаёміліся з новымі выставамі Рускага дома. Фінальным жа пунктам свята стала дэгустацыя пельменяў, квашанай капусты і марынаванага перцу.
Кіраўніца Цэнтра рускай культуры Гераіда Багданава выказала словы падзякі гасцям за іх працу і зацікаўленасць у пазнанні майстэрства лепкі пельменяў, ахвотна падзяліліся сваімі рэцэптамі.
Кіраўніца культурных праектаў ЦБК Настасся Лукашонак падзякавала супрацоўнікам Цэнтра рускай культуры за правядзенне такога выдатнага свята, на якім прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў Даўгаўпілса могуць сустрэцца, абмеркаваць надзённыя і працоўныя праблемы, а таксама яшчэ раз пераканацца ў тым, наколькі важныя ў наш час сяброўскія адносіны і падтрымка аднадумцаў.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры