23 чэрвеня 2025 года тэатральная студыя “Паўлінка” і танцавальны ансамбль “Лянок” Цэнтра беларускай культуры Дома адзінства прынялі ўдзел у XXII Міжнародным фальклорным фестывалі “Купалле” у Клайпедзе.
Магічнае свята летняга сонцастаяння ў партовым літоўскім г. Клайпеда стала ўжо традыцыйным і штогод праводзіцца мясцовай беларускай абшчынай “Крыніца” у маляўнічым загарадным месцы на ўлонні прыроды.
Канцэртную праграму адкрылі гаспадары фестывалю – ансамбль “Купалінка” і працягнулі прадстаўнікі іншых нацыянальна-культурных таварыстваў горада, а таксама артысты з Беластока (Польшча).
Асаблівы каларыт і свой беларуска-латвійскі шарм унеслі калектывы ЦБК. Тэатральная студыя “Паўлінка” (рэжысёр Інэса Казлоўская) і танцавальны ансамбль “Лянок” (мастацкі кіраўнік Марына Медунецкая) спецыяльна да клайпедскага фестывалю падрыхтавалі новую купальскую праграму. Танцы з даматканымі дыванамі і карагоды, народныя гульні “Зайчык” і “Полька”, аўтэнтычныя акапэльныя песні, рытуал пераўвасаблення Ведзьмы ў прыгожую дзяўчыну, які правяла Зельніца з дапамогай крапівы, і многае іншае – усё выклікала жывую і непадробленую цікавасць гледачоў, іх непасрэдны актыўны ўдзел.
Потым прадстаўнікі ўсіх дэлегацый на чале са старшынёй клайпедскай беларускай суполкі “Крыніца” Мікалаем Логвіным запалілі купальскае вогнішча. І любы жадаючы мог скокнуць праз ачышчальны агонь, пакідаючы ўсё негатыўнае, напаўняючыся сілай і здароўем. Сваю магію паказала надвор'е: увесь час цешыла сонейкам і цеплынёй, і толькі калі скончылася свята, хлынуў лівень.
Як адзначылі арганізатары фестывалю, “Купалле – не проста свята, даніна прыродзе – гэта наш мост да каранёў, роднай зямлі. Гэта нашыя карані, наша сіла і наша надзея”. Беларусы Даўгаўпілса салідарныя з такой пазіцыяй і ўжо які раз прыязджаюць падтрымаць сваіх сяброў на купальскае свята і абмяняцца вопытам.
https://www.bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/770-ar-baltkrievu-un-latviesu-akcentu-klaipeda-notika-svetki-kupalle?print=1&tmpl=component#sigProIdc253e5e3d1
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры
т.: +371 65424695, 29811969
эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.