18 чэрвеня 2025 года ў Цэнтры беларускай культуры Дома адзінства (ЦБК) прайшла вечарына памяці даўгаўпілскага кампазітара Генрыха Галіцкага, прымеркаваная да 95-годдзя з дня нараджэння.
Кампазітар і музычны педагог Генрых Галіцкі (1930-2013) унёс важкі ўклад у музычную культуру Даўгаўпілса і Латгаліі, пісаў музыку да песень, для духавых і сімфанічных аркестраў.
Пасля заканчэння Латвійскай кансерваторыі Г. Галіцкі атрымаў размеркаванне ў Даўгаўпілскае музычнае вучылішча. Далей працаваў выкладчыкам і кіраваў музычнай кафедрай у Даўгаўпілскім педагагічным інстытуце. Супрацоўнічаў з самадзейнымі калектывамі, нацыянальна-культурнымі таварыствамі. Напрыклад, ансамбль ЦБК выконваў беларускую народную песню “Купалінка” на музыку ў апрацоўцы Г. Галіцкага. Рукапісная партытура твора захоўваецца ў Даўгаўпілскім мастацка-краязнаўчым музеі.
На вечары памяці прагучалі музычныя творы кампазітара на словы паэтаў Станіслава Валодзькі, Аляксея Гузіка, Антона Кукойса і Віктара Аўсепяна ў выкананні дзіцячай студыі “Скарбніца”, саліста Рыгора Старавойтава, дуэтаў Рэгіны Родзікавай і Таццяны Багданавай, Лідзіі Знотыні і Яўгена Пашкевіча, Петэрыса Макавецкага і Майі Рушманэ.
Паэт С. Валодзька прадэманстраваў кнігу пра Г. Галіцкага і прысвяціў кампазітару верш. Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская прадставіла гледачам перасовачную выставу аб кампазітары з фондаў Даўгаўпілскага мастацка-краязнаўчага музея.
Юбілейная вечарына памяці кампазітара Генрыха Галіцкага арганізавана Цэнтрам беларускай культуры Дома адзінства ў супрацоўніцтве з таварыствам Латвійска-беларускай садружнасці.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры
т.: +371 65424695, 29811969
эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.