У нядзелю, 6 кастрычніка 2024 года, у Цэнтры культуры Ліванскага краю адбыўся рэгіянальны адборачны агляд на Міжнародны фальклорны фестываль “Baltica 2025”, які паспяхова прайшла тэатральная студыя “Паўлінка” Цэнтра беларускай культуры Дома адзінства.
Міжнародны фальклорны фестываль “Baltica 2025” арганізуе Латвійскі нацыянальны культурны цэнтр (ЛНКЦ). Культурны форум праводзіцца кожныя тры гады, і кожны раз ён аб'яднаны адной зададзенай тэмай. Тэмай будучага свята вызначана “Мова”. Удзельнікамі фестывалю становяцца найлепшыя калектывы, адабраныя журы на аглядах.
Кіраўніца тэатральнай студыі “Паўліна” Інэса Казлоўская: “Мы паспрабавалі зірнуць на гэтую складаную тэму ў больш шырокім сэнсе, вывучыць асаблівасці сваёй мовы, яе забытыя ўласцівасці. Цэнтральным візуальным аб'ектам пастаноўкі стаў куфар для пасагу, характэрны прадмет сямейнага кода беларусаў. Так быў зададзены напрамак пошуку матэрыялу: якія каштоўнасці аб'ядноўваюць членаў адной сям'і, пра што яны размаўляюць, якія песні гучаць”.
Прафесійнаму журы быў прэзентаваны фрагмент збору пасагу для дачкі. Прагучалі тры народныя песні з заходняга і ўсходняга Палесся, з іх характэрным дыялектам: “Шчыпала-ламала чырвоную ружу” (“Plucu-lauzu sarkano rozi”), “Не ходзі, козачэ” (“Neej, kozāk, pie krastiem”), “Выганяй, маці, козака з хаты” (“Padzen, māte, kozāku no mājām”), выкананыя акапельна ў беларускім аўтэнтычным традыцыйным стылі спеваў.
Невялікі сюжэт абыгралі ўдзельнікі тэатральнай студыі – Аляксандр Лапа (бацька), Алена Кіча (маці), Інэса Казлоўская (старэйшая дачка) і Анастасія Лукашэнак (малодшая дачка).
Журы высока ацаніла пастаноўку – 23,7 бала з 25 максімальных, што адпавядае I ступені. Тэатральная студыя “Паўлінка” прадставіць беларускую культуру на прэстыжным фальклорным фестывалі “Балтыка”, які пройдзе ў Латвіі з 26 па 30 чэрвеня 2025 года.
Цэнтр беларускай культуры