12-13 кастрычніка 2024 года ў Даўгаўпілсе прайшоў XIV Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, арганізаваны Цэнтрам беларускай культуры Дома адзінства Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання.
Штогадовы восеньскі фестываль, мэтай якога з'яўляецца захаванне і папулярызацыя культурнай спадчыны і народных традыцый беларусаў, парадаваў жыхароў і гасцей Даўгаўпілса канцэртам, выставамі карцін і восеньскіх дароў прыроды, майстар-класамі па дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
У суботу, 12 кастрычніка, у канцэртнай зале Дома адзінства з аншлагам прайшоў гала-канцэрт, у якім прынялі ўдзел усе творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры Дома адзінства: ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, танцавальны ансамбль “Лянок”, тэатральная студыя “Паўлінка”, харавая капэла “Спадчына”, вакальны ансамбль “Пралескі” і дзіцячая студыя “Скарбніца”, а таксама беларускія аматарскія калектывы з розных куткоў Латвіі: “Сузор'е” (Рэзэкнэ), “Крыніца” (Лудза), “Завіруха” (Екабпілс), “Вытокі” (Рыга), “Журавінка” (Вентспілс), “Мара” (Ліепая), “Рабінушка” (Прэйлі), “Узоры” (Ліваны). Міжнародны статус фестывалю пацвердзілі гасцявыя самадзейныя калектывы “Купалінка” (Клайпеда, Літва), “Лянок” (Талін, Эстонія), “Чырвоныя шпількі” і “Сёстры Астапчук” (Беласток, Польшча).
На фестывалі была прадстаўлена выстава карцін Вэлты Лоцэ “Восеньскія матывы”, выстава восеньскіх дароў і хатніх нарыхтовак беларускіх гаспадынь. Многія гледачы з задавальненнем удзельнічалі ў майстар-класах па традыцыйных рамёствах дэкаратыўна-прыкладной творчасці беларусаў, з якімі іх знаёмілі майстрыхі беларускага таварыства “Альтанка” (Даўгаўпілс), “Мара” (Ліепая) і “Спатканне” (Екабпілс).
Фестывальная праграма працягнулася ў нядзелю, 13 кастрычніка. У гэты дзень у Цэнтры беларускай культуры адбылося адкрыццё выставы нацюрмортаў Аб’яднання беларускіх мастакоў Балтыі “Маю гонар”. На вернісажы былі прадстаўлены 23 прафесійныя работы дзесяці вядомых мастакоў: Вячаслава Целеша, Васіля Малышчыца, Ганны Пэйпіні, Ірыны Ятновай, Ірыны Трумпеле, Лявона Жукоўскага, Вольгі Якубоўскай, Ірыны Кароль, Кацярыны Осберг, Сяргея Махнача.
Экскурс па выставе правяла кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, з пранікнёнай прамовай выступіла старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры “Вытокі” Таісія Бачкарова. Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свае тэматычныя вершы, а музычным фонам гучалі песні ў выкананні ансамбля “Мара” і барда Анатоля Галлера. Выстава будзе даступная ў ЦБК (вул. Алеяс, 68-1А) да 31 снежня.
У наступным годзе фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” будзе святкаваць свой 15-ты юбілей.
https://www.bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/703-festivals-baltkrievu-gadatirgus-daugavpil-pulceja-18-ansamblus?print=1&tmpl=component#sigProIdf3e3291dac
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры
т.: +371 65424695, 29811969
эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.