4 калектывы ЦБК адправяцца на Латвійскае свята песні і танца
Друкаваць

4 калектывы ЦБК адправяцца на Латвійскае свята песні і танца

У суботу, 21 студзеня 2023 года, у канцэртнай зале Дома Адзінства прайшоў адборачны агляд мастацкіх калектываў нацыянальна-культурных меншасцей і індывідуальных выканаўцаў з Латгальскага рэгіёну на права ўдзельнічаць у XXVII Уселатвійскім свяце песні і XVII свяце танца. Калектывы Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) паспяхова вытрымалі экзамен і атрымалі пуцёўкі на культурную алімпіяду краіны.

Свята песні і танца з'яўляецца самай грандыёзнай падзеяй у культурным жыцці Латвіі, стаўшы сімвалам нацыянальнай ідэнтычнасці латышоў. Форум збірае дзясяткі тысяч удзельнікаў з усіх куткоў Латвіі і латышскай дыяспары ў розных краінах свету, сотні тысяч гледачоў. Свята ўключана ў Культурны канон Латвіі і спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Уселатвійскае свята песні і танца праводзіцца раз у пяць гадоў, на якое творчыя калектывы трапляюць праз рэгіянальныя агляды.

На працягу ўсяго дня строгае журы ацэньвала выступленне самадзейных артыстаў нацыянальна-культурных меншасцей. У фінале кіраўнікам творчых калектываў уручылі дыпломы з ацэначнымі баламі, якімі і адкрывалі шлях на Свята песні і танца.

Цэнтр беларускай культуры падрыхтаваў чатыры калектывы і ўсе паспяхова вытрымалі агляд: вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” (кіраўніца Настасся Лукашэнак) – вышэйшая ступень (45,88 пунктаў), тэатральная студыя “Паўлінка” (кіраўніца Інэса Казлоўская) – вышэйшая ступень (45 пунктаў), ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў) – I ступень (43,25 пунктаў) і танцавальны ансамбль “Лянок” (кіраўніца Марына Медунецкая) – II ступень (38,38 пунктаў).

Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская: “У гэтым годзе традыцыі Латвійскага свята песні і танца спаўняецца 150 гадоў, таму для Цэнтра беларускай культуры вялікі гонар стаць часткай юбілейнага свята і прадстаўляць на такой прэстыжнай пляцоўцы беларускую народную культуру ў яе разнастайнасці – песнях, музыцы, танцах, тэатральных мініяцюрах, народных строях. Мінулы раз у Рызе, у Верманскім садзе, дзе праходзілі канцэрты нацыянальных культур, выступалі тры нашы ансамблі. Сёлета яны павысілі свой рэйтынг, а да артыстаў, якія спяваюць, вярнуліся танцоры. Гэта поспех, і гэта адказнасць, да якой ЦБК гатовы”.

XXVII Уселатвійскае свята песні і XVII свята танца пройдзе з 30 чэрвеня па 9 ліпеня 2023 года ў Рызе.

  • Click to enlarge image 01_Praleski_21.01.23.jpg
  • Click to enlarge image 02_Kupalinka_21.01.2023.jpg
  • Click to enlarge image 03_Ljanok_21.01.23.jpg
  • Click to enlarge image 04_Paulinka_21.01.23.jpg
  • Click to enlarge image 05_Diplomi_21.01.2023.jpg
  •  
View the embedded image gallery online at:
https://www.bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/594-4-bkc-kolekt-vi-dosies-uz-latvijas-dziesmu-un-deju-svetkiem?print=1&tmpl=component#sigProId22a17dfe08

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры