Друкаваць

У Беларускім цэнтры адкрылася выстава карцін Сафіі Шабуневіч

9 кастрычніка 2020 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) пачала працу персанальная выстава карцін “Вадаспад пачуццяў” маладой мастачкі Сафіі Шабуневіч з Рыгі – у вузкім коле і з захаваннем мер засцярогі.

  • Click to enlarge image 01_Sofija_Shabunevich_9.10.2020.jpg
  • Click to enlarge image 02_Sofija_Shabunevich_9.10.2020.jpg
  • Click to enlarge image 03_Sofija_Shabunevich_9.10.2020.jpg
  • Click to enlarge image 04_Sofija_Shabunevich_9.10.2020.jpg
  • Click to enlarge image 05_Sofija_Shabunevich_9.10.2020.jpg
  • Click to enlarge image 06_Sofija_Shabunevich_9.10.2020.jpg
  • Click to enlarge image 07_Sofija_Shabunevich_9.10.2020.jpg
  • Click to enlarge image 08_Sofija_Shabinevich_9.10.2020.jpg
  • Click to enlarge image 09_Sofija_Shabunevich_9.10.2020.jpg
  • Click to enlarge image 10_Sofija_Shabunevich_9.10.2020.jpg
  •  
View the embedded image gallery online at:
https://www.bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/421-u-belaruskim-tsentry-adkrylasya-vystava-kartsin-safii-shabunevich?print=1&tmpl=component#sigProId2849129594


          Першапачаткова выстава планавалася ў рамках фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” у Палацы культуры, аднак эпідэмічныя абмежаванні ўнеслі карэктывы. Фармат творчай гасцінай у ЦБК стварыў атмасферу душэўнай блізкасці і хатняй утульнасці, які схіляў да нязмушанай гутаркі.

           С.Шабуневіч – даўгаўпілчанка, скончыла Рыжскую мастацкую школу ім. Яна Разэнталя па спецыяльнасці мастак-ілюстратар і абгрунтавалася ў сталіцы. Карціны піша ў стылі класічнага рэалізму, алейнымі фарбамі, што, на думку мастачкі, дазваляе максімальна выказваць задуманыя вобразы. Асабліва ў яе атрымоўваюцца партрэты, паколькі любіць разглядаць людзей, лавіць міміку і эмоцыі, перадаваць іх на палатне: “Мне больш цікавы чалавек, чым 150 адценняў зялёнага куста”. У творчым багажы мастачкі каля сотні карцін. Многія работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Аўстрыі, Расіі, Латвіі. Першая персанальная выстава С.Шабуневіч адбылася ў родным Даўгаўпілсе ў мінулым годзе, затым быў удзел у калектыўных творчых праектах.
           Выстава Сафіі Шабуневіч ў Беларускім цэнтры невыпадковая. Яе бацькі шмат гадоў з'яўляюцца членамі Беларускага таварыства “Уздым”. У Сафіі беларуска-польскія карані, родная мова – руская, адукацыю атрымала на латышскай. “Вы, як шмат маладых людзей у Латвіі, існуеце пад знакам мультыкультурнасці і пэўнага касмапалітызму, адкрыты ўсім культурам, а свет адкрыты перад вамі”, – адзначыла кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, калі ўручала мастачцы фестывальныя сувеніры з сімволікай сонца і млына.

            Пра сонца, працу і шчасце спявала на латышскай і беларускай мовах кіраўніца вакальнага ансамбля “Пралескі” Настасся Лукашэнак, тым самым надаўшы музычнае афармленне мастацкаму вечару.
           Гэты сімвалізм змяшчалі і ўзоры на тканым беларускім ручніку, які консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава падарыла мастачцы як абярэг, пажадаўшы творчага росту, шмат выстаў, у тым ліку і ў Беларусі.
           У гэтым годзе ў Сафіі былі планы выстаўляцца ў Віцебску і Калінінградзе, але з-за пандэміі каронавіруса іх прыйшлося адкласці. Пра гэта распавяла Валянціна Шабуневіч, мама і па сумяшчальніцтве менеджар мастачкі. “З дапамогай мамы і з Божай літасцю ўсё атрымліваецца”, – лічыць С.Шабуневіч.
           Сафія – асоба неардынарная, якую ўсё цікавіць: з дзяцінства малявала, вынаходзіла, канструявала, пісала вершы, займалася музыкай. Цяпер жыве ў Рызе, дае прыватныя ўрокі жывапісу, піша карціны на заказ і для душы. І лічыць сябе шчаслівым чалавекам, таму што ў яе ёсць мэты і магчымасць іх ажыццяўляць: ствараць нешта прыгожае і важнае, тым самым прыносячы карысць людзям і рэалізуючыся як асоба тут, у Латвіі, якую любіць і нікуды не хоча з'язджаць.
          Выстава “Вадаспад пачуццяў” адкрыта ў ЦБК (вул.Алеяс, 68) да 17 лістапада. Уваход – па папярэднім запісе (тэл. 654 24695).

Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры