У пятніцу, 7 красавіка 2017 года, у 18.00, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбудзецца прэзентацыя ўнікальнай кнігі на беларускай мове "Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе", прысвечанай аднайменнаму міжнароднаму фестывалю, які ўжо стаў культурным брэндам беларускай дыяспары Латгальскага рэгіёну. Фармат кнігі - метадычнае, этнаграфічнае і краязнаўчае выданне, выдавец - ЦБК.
Штогадовы фестываль "Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе" упершыню прайшоў у 2011 годзе і за шэсць гадоў стаў культурным брэндам горада і візітнай карткай Цэнтра беларускай культуры. На працягу некалькіх гадоў фармат свята мяняўся, шырылася геаграфія і колькасць удзельнікаў, дадаваліся новыя акцыі і мерапрыемствы; і паступова свята перарасло ў Міжнародны фестываль народнай культуры, які аб'ядноўвае творчыя калектывы беларусаў Балтыі і Беларусі. Асновай свята з'яўляецца музычная тэатралізаваная пастаноўка на аснове беларускіх народных традыцый, якая спалучае ў сабе фальклорныя і сучасныя песні, танцы, гумар. Фестываль выдатна ведаюць і наведваюць мясцовыя жыхары, з вялікім задавальненнем прыязджаюць замежныя госці.
Выданне "Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе" знаёміць чытачоў з гэтай значнай падзеяй у жыцці беларускай дыяспары Латвіі, з гісторыяй фестывалю, яго разнастайнымі тэмамі і сцэнарыямі, арганізатарамі, самадзейнымі артыстамі і гасцямі. Кніга напісана на каларытнай беларускай мове з элементамі паланізмаў, русізмаў і бытавой гутарковай лексікі.
На прэзентацыі можна будзе пазнаёміцца з творчай камандай праекта і гісторыяй стварэння кнігі, паглядзець фестывальныя відэасюжэты, даведацца перспектывы на будучыню, паслухаць песні ў выкананні творчага калектыву ЦБК.
Кніга "Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе" - цалкам мясцовы прадукт, створаны ў Даўгаўпілсе.
Прэзентацыя выдання адбудзецца ў пятніцу, 7 красавіка 2017 года, у 18.00, у Цэнтры беларускай культуры па адрасу: Палац культуры, вул. Смілшу, 92, 3 паверх, 305 каб
Сардэчна запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306