“Паўлінка” адзначана прызам за захаванне аўтэнтычных традыцый
Друкаваць

“Паўлінка” адзначана прызам за захаванне аўтэнтычных традыцый

11 чэрвеня 2025 года ў рамках Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе адбылася ўрачыстасць “Узнагарода года “Ліхтары”, арганізаваная Даўгаўпілскім беларускім таварыствам “Альтанка”.

Новая ініцыятыва Даўгаўпілскага беларускага таварыства “Альтанка” – заснаванне ўзнагароды года “Ліхтары” – за значныя дасягненні ў сферы культуры сярод беларускай дыяспары Латвіі ў папярэднім каляндарным годзе. Як адзначыла аўтар праекта Жанна Раманоўская, галоўная ідэя прыза “Ліхтары” у тым, што культура – гэта святло, якое мы нясем адзін аднаму, таму важна падзякаваць і адзначыць тым, хто ў 2024 годзе свяціў ярчэй.

На цырымоніі былі ўручаны прызы-статуэткі ў выглядзе ліхтаршчыка, які запальвае ліхтары, і дыпломы ў пяці намінацыях: “Творчасць”, “Адкрыццё”, “Ідэнтычнасць”, “Праект”, “Персона”.

У намінацыі “Ідэнтычнасць” – за адраджэнне і папулярызацыю аўтэнтычных беларускіх традыцый, узнагароды ўдастоілася тэатральная студыя “Паўлінка” Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) Дома адзінства.

“Узнагарода стала для нас поўнай, але прыемнай нечаканасцю. 2024 год аказаўся для тэатральнай студыі своеасаблівым экзаменам па прадмеце “фальклор і аўтэнтычныя спевы”, які ўдалося паспяхова вытрымаць. Нашы знаходкі ў беларускім традыцыйным спеве былі высока ацэнены прафесійным журы і ў выніку тэатральная студыя будзе прадстаўляць беларускія аўтэнтычныя спевы на Міжнародным фальклорным фестывалі “Балтыка” 29 чэрвеня ў Даўгаўпілсе”, – падзялілася ўражаннямі кіраўніца “Паўлінкі” Інэса Казлоўская, запэўніўшы, што іх калектыў і надалей будзе шукаць новыя формы для папулярызацыі беларускіх традыцый.

Арганізатары плануюць зрабіць Узнагароду года “Ліхтары” штогадовай і ўручаць на традыцыйным майскім свяце Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.

Інфармацыя падрыхтавана:

Марыя Памецька,

метадыст Цэнтра беларускай культуры

т.: +371 65424695, 29811969

эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.