21 лютага 2025 года ў Цэнтры беларускай культуры Дома адзінства прайшла VI Міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні”, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, у рамках якой пісалі дыктант на беларускай мове.
Штогадовы традыцыйны публічны дыктант на беларускай мове сёлета быў прымеркаваны да 90-годдзя беларускага паэта, эсэіста, перакладчыка, Народнага паэта Беларусі, кавалера Ордэна Трох Зорак ЛР Рыгора Барадуліна (1935-2014).
У аснову дыктоўкі ляглі два ўрыўкі з кнігі Р. Барадуліна “Дзённікі і запісы”, апублікаванай пасля смерці пісьменніка. Першы ўрывак, напісаны ў 1973 годзе, прысвечаны развагам аб роднай мове: “Мова родная, пачуў цябе адзін раз упершыню, сканаю з апошнім словам тваім на перасмяглых ад нематы вуснах. Табой клянуцца многія, модна стала! А я не ўяўляю сябе без цябе, без твайго гучання, без таго, што цябе няма. Табе ў вяках заставацца, самая славянская, самая чыстая, самая безумоўная! Толькі гучы, мова родная, толькі гучы, не засурыся, як тая крынічанька ў песні”.
У другой частцы дыктоўкі прагледжваюцца сувязі Р. Барадуліна з Латвіяй. Яго дзед па матчынай лініі – этнічны латыш з Рыгі. Паэт перакладаў на беларускую мову Райніса і іншых латышскіх аўтараў, у выніку чаго былі выдадзены два тамы латышскай паэзіі.
Урывак з успамінаў 1974 года: «Зараз ужо дзесяць дзён як у Дубултах. Закончыў сваю шматпакутную «Смаргонскую акадэмію». Пісалася да забытых дрыжык і стрыманага крыку радасці ў грудзях у большасці выпадкаў. Мора за вакном. Райнісаўскія сосны. Яны не такія, як мае, ушацкія. Столькі вятроў, і кожны на свой бок схіліць хоча, і кожны кудлачыць, вырваць стараецца. Не задрэмлеш — будзеш шумець ды як мацней трымацца за родны грунт, на які злоснае да пены мора шчэрыцца. Вучу латышскую мову па самадапаможніку, налягаю на граматыку».
Гэтыя два ўрыўкі з успамінаў Рыгора Барадуліна лагічна ўпляліся ў канцэпцыю канферэнцыі “Беларускія чытанні” па вывучэнні гісторыі беларускай дыяспары Латвіі і латвійска-беларускіх культурных сувязей.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры
т.: +371 65424695, 29811969
эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.