У Цэнтры беларускай культуры фотавыстава расказвае пра Даўгаву
Друкаваць

У Цэнтры беларускай культуры фотавыстава расказвае пра Даўгаву

13 верасня 2024 года ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) Дома адзінства адбылося адкрыццё выставы “Лёсавызначальная рака Дзвіна – Даўгава” па выніках аднайменнага фотаконкурсу.

Мэтай фотаконкурсу было павышэнне цікавасці да ракі Даўгава, якая з'яўляецца шматзначным сімвалам “лёсавызначальнай ракі” і часткай культурнага канону Латвіі, як культурнага і гістарычнага шляху.

35 удзельнікаў з розных гарадоў Латвіі і нават Нідэрландаў даслалі больш за 100 фотаздымкаў. Гледачу прадстаўлены пейзажы ракі Заходняя Дзвіна – Даўгава ў розныя поры года, у розных лакацыях на працягу спакойнай плыні ад старадаўняга Полацка да Рыжскага заліва.

Журы адабрала лепшыя работы і вызначыла пераможцаў: Наталля Елісеева (гран-пры), Ганна Грыгянэ (І месца), Аляксандр Іваноў (ІІ месца), Сяргей Ананьеў (ІІІ месца).

На адкрыцці фотавыставы “Лёсавызначальная рака Дзвіна – Даўгава” адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў, адзначаных падзячнымі граматамі і сувенірамі. Аўтары дзяліліся аповядамі аб сваіх выстаўленых фотаздымках, ўражаннямі аб творчым працэсе і цікавых фактах пра лёсавызначальную раку.

Паколькі адкрыццё фотавыставы праходзіла ў рамках Дзён паэзіі і было прымеркавана да Дня беларускага пісьменства, на вечарыне гучалі вершы пра Дзвіну – Даўгаву беларускіх і латышскіх аўтараў. Цэнтр беларускай культуры зноў адкрыў новае паэтычнае імя – Людміла Іванова прачытала свой верш пра любімую раку, даліну якой магло незваротна змяніць будаўніцтва ГЭС. Саліст Рыгор Старавойтаў выканаў песню “Дзвіна” (словы С. Валодзька, музыка А. Бялусь), а паэт Станіслаў Валодзька прадэкламаваў свой верш “Ля слыннай ракі”.

Фотавыстава “Лёсавызначальная рака Дзвіна – Даўгава” будзе даступная ў ЦБК (вул. Алеяс, 68-1А, Даўгаўпілс) па буднях з 9.00-17.00, да 30 лістапада 2024 года.

Уваход вольны.

Інфармацыя падрыхтавана:

Марыя Памецька,

метадыст Цэнтра беларускай культуры

т.: +371 65424695, 29811969

эл. пошта: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.