На “Піліпаўскіх вячорках” прыгадалі старажытныя традыцыі
Друкаваць

На “Піліпаўскіх вячорках” прыгадалі старажытныя традыцыі

13 снежня 2023 года ў структурным падраздзяленні “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання (ЦБК) з удзелам ансамбля “Купалінка” прайшло беларускае абрадавае свята “Піліпаўскія вячоркі”.

Піліпаўскія вячоркі былі неад'емнай часткай жыцця беларускай вёскі. Падчас каляднага паста, доўгімі зімовымі вечарамі, дзяўчаты збіраліся па чарзе ў хаце ў адной з сябровак і пад народныя спакойныя песні займаліся рукадзеллем: пралі, ткалі, вышывалі, вязалі, плялі паясы. Нягледзячы на пост, на вячоркі зазіралі музыкант і маладыя хлопцы, танчылі, гулялі ў гульні, расказвалі павер'і.

У ЦБК не забываюць гэтую цікавую народную традыцыю і таксама ўладкоўваюць зімнія вячоркі, імкнучыся выконваць усталяваныя стагоддзямі правілы. Падрабязней пра іх даведаліся з паказанага фільма “Піліпаўскія вячоркі”, які быў зняты ў ЦБК у 2020 годзе. Пад песні ансамбля “Купалінка” (маст. кір. Вячаслаў Пятроў) прысутныя займаліся рукадзеллем, дзяліліся ўспамінамі з дзяцінства, адначасова ўдзельнічаючы ў майстар-класе па вырабе выцінанкі-сувеніра і лялькі-абярэга.

Паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свае вершы на гэтую тэму. І па традыцыі ў канцы пасядзелак гаспадыня пачаставала гасцей. Вечар атрымаўся хатнім, ціхім і душэўным, як і належыць напярэдадні светлага свята Калядаў.

Інфармацыя падрыхтавана:

Марыя Памецька,

метадыст Цэнтра беларускай культуры