17 снежня 2023 года ў Даўгаўпілсе на плошчы Віенібас удзельнікі творчых калектываў структурнага падраздзялення “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання парадуюць гараджан і гасцей горада тэатралізаваным перадкалядным прадстаўленнем. Што спяваюць і танцуюць беларусы на Каляды – тыднем раней развучылі на майстар-класах.
9 снежня, зімовым суботнім вечарам, прахожыя вул. Рыгас нямала здзівіліся, убачыўшы вясёлую і шумную кампанію пераапранутых герояў, сярод якіх былі Каза, Мядзведзь, Ліса, Гаспадыня, Механоша, Калядная зорка, Птушка, Варажбітка. Гэта самадзейныя артысты Цэнтра беларускай культуры – “калядоўшчыкі”, пад гукі музычных інструментаў накіроўваліся да цэнтральнай гарадской плошчы, дзе быў паказаны майстар-клас “Рыхтуемся да Калядаў”.
На святочна ўпрыгожанай плошчы шматлікіх наведвальнікаў цэлую гадзіну знаёмілі з беларускімі каляднымі традыцыямі, з абрадамі калядавання, развучвалі песні і танцы, вучыліся гуляць у народныя гульні і вадзілі карагоды вакол ёлкі. Абыякавых не было, усе гледачы актыўна спявалі, скакалі, ігралі, цешылі артыстаў пазітывам і выдатным настроем.
Шлях да плошчы і назад калядоўшчыкі ішлі доўга: раздавалі добрыя пажаданні прахожым, жадалі здароўя, міру і дабрабыту, спявалі песні і фатаграфаваліся з усімі жадаючымі.
У нядзелю, 17 снежня, цэлую гадзіну, з 16:00 да 17:00, на плошчы Віенібас будзе паказана абрадавае святочнае мерапрыемства “Беларускія Калядкі”. Запрашаем!
Дадатковая інфармацыя: www.daugavpils.lv (Афіша: Ziemas prieki Daugavpilī, https://www.daugavpils.lv/afisa/ziemas-prieki-daugavpili-2023-24) і www.bkc.daugavpils.lv
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры