На свяце Скрудалінскай воласці танцаваў “Лянок”
Друкаваць

На свяце Скрудалінскай воласці танцаваў “Лянок”

24 верасня 2023 года ў пасёлку Сілэнэ Аўгшдаўгаўскага краю адбылося традыцыйнае свята Скрудалінскай воласці, у якім удзельнічаў танцавальны ансамбль “Лянок” Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання.

Штогод восенню, напярэдадні свята Мікеліса, Скрудалінская воласць збірае сваіх жыхароў і гасцей, каб разам ацаніць вынікі працы і сабранага ўраджаю, узнагародзіць лепшых працаўнікоў і юбіляраў, падзяліць радасць дасягненняў, павесяліцца і паглядзець канцэрт.

Арганізатары працягнулі тэму пасялковых вуліц, і на гэты раз мерапрыемства было прысвечана вуліцам у Сілэнэ: Рычу, Базніцас, Дзікю і Маза. Іх гісторыя была адлюстравана на фотавыставе. Кіраўніца Скрудалінскай воласці Бэція Іванова з прывітальнай прамовай адкрыла свята, павіншаваўшы сеньёраў, якія пражываюць на названых вуліцах.

У святочным вулічным канцэрце выступіў танцавальны ансамбль “Лянок” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (харэограф Марына Медунецкая). Гледачы ўбачылі беларускія народныя танцы: “Падыспань”, “Нарэчанька”, “Полька дробная”, а таксама латышскі “Mugurdancis”.

Цэнтр беларускай культуры і Сіленскі Дом культуры плённа супрацоўнічаюць шмат гадоў, і творчыя калектывы ЦБК – жаданыя госці на святах у Скрудалінскай воласці.

 

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры