У пансіянаце прайшоў канцэрт “Вясенні настрой”
Друкаваць

У пансіянаце прайшоў канцэрт “Вясенні настрой”

29 сакавіка 2023 года, напярэдадні светлага свята Вялікадня, харавая капэла “Спадчына” Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) наведала Даўгаўпілскі тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвання пенсіянераў з дабрачынным канцэртам “Вясенні настрой”.

Цэнтр беларускай культуры даўно супрацоўнічае з пансіянатам і рэгулярна творчыя калектывы ЦБК выступаюць там з канцэртнымі праграмамі, прымеркаванымі да святочных дат.

На гэты раз парадаваць пажылых людзей лірычнымі і вясёлымі, беларускімі народнымі і аўтарскімі песнямі адправілася харавая капэла “Спадчына” (кіраўнік Сяргей Братусеў). Самадзейныя артысты выканалі песні на беларускай і латышскай мовах.

Вясновы настрой дапамог стварыць сваімі вершамі і песнямі таксама бард Анатоль Галер, які выканаў песні пра вясну і каханне. А вяла канцэрт Анастасія Бароўская.

Дабрачынны канцэрт “Вясенні настрой” падарыў гледачам сапраўдны вясновы настрой, выклікаў радасныя эмоцыі і пачуццё прадчування вясны, цяпла, абуджэння прыроды ад зімовага сну. І ў залу да гледачоў паляцелі папяровыя “птушачкі з далоні” як сімвалы прыходу доўгачаканай вясны.

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры