17 сакавіка 2023 года перасовачная фотавыстава “Беларускі позірк Даўгаўпілса” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) з Клайпеды пераехала ў Вільню, дзе адкрылася ў Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны з беларускай мовай навучання. Ва ўрачыстасці адкрыцця ўдзельнічалі фотамастак Эдуард Літвіноўскі і каманда энтузіястаў.
Знаёмства з Віленскай гімназіяй імя Францыска Скарыны пачалося з экскурсіі, якую правяла для гасцей дырэктар Дзіяна Стахновіч. Школа нядаўна перажыла вялікую рэканструкцыю, светлая, утульная, абсталяваная па сучасных стандартах, са шматлікімі класамі. Нестандартная гімназія, пры якой дзейнічае дзіцячы садок і вучацца 12 класаў, у наступным годзе будзе святкаваць сваё 30-годдзе, пазіцыянуючы сябе прадаўжальнікам традыцый беларускай гімназіі міжваеннага перыяду.
Выставу Эдуарда Літвіноўскага “Беларускі позірк Даўгаўпілса” адкрылі дырэктар гімназіі Д. Стахновіч і кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская. Салістка Анастасія Лукашэнак выканала песню на латышскай мове “Nekur nav tik labi kā mājas” (словы Гунтарс Рачс, музыка Райманд Паулс) з перакладам на беларускую мову паэта Станіслава Валодзькі. Эдуард Літвіноўскі расказаў пра галоўную ідэю экспазіцыі: паказаць прыгажосць беларусаў у розным узросце, у розную пару года, годных у сваёй нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці, і прыгажосць горада Даўгаўпілса і яго наваколля.
З гімназіі імя Францішка Скарыны наша дэлегацыя адправілася ў гістарычны цэнтр Вільні – да помніка Ф. Скарыне на месцы, дзе ў ХVI стагоддзі працавала яго друкарня. У Вільні шмат месцаў звязана з беларускай гісторыяй і культурай. Цікавае пешае падарожжа па Старым горадзе, уключаным ў спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, здзейснілі пад займальны расказ Алены Забельскай, педагога гімназіі і намесніка старшыні Аб'яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы.
Пачаўшы экскурсію з самай знакамітай Кафедральнай плошчы і Замкавай гары з Вежай Гедымінаса, прайшліся па вузенькіх звілістых брукаваных вулачках з мноствам сярэдневяковых помнікаў архітэктуры ў стылі готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму і нават мадэрну, незвычайнай трохкутнай формы Ратушную плошчу з будынкам Гарадской ратушы. Прайшоўшы праз увесь стары горад, выйшлі за яго межы праз адзіныя захаваныя ад гарадской сцяны, якая калісьці акружала ўвесь горад, Вострабрамскія вароты
У самым сэрцы Вільні, на тэрыторыі комплексу былога Базыльянскага манастыра, з 1919 па 1937 год размяшчалася Беларуская гімназія, у якой працавалі вядомыя беларускія дзеячы: Антон Луцкевіч, Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Ігнат Дварчанін, Браніслаў Тарашкевіч, Рыгор Шырма, Язэп Драздовіч, Адам Станкевіч і многія іншыя. Дарэчы, у Вільні размешчаны дзесяткі мемарыяльных дошак у гонар вядомых беларускіх літаратараў і грамадскіх дзеячаў.
Вынікі пятнічнага дня падводзілі на зваротнай дарозе: зроблена добрая справа, наладжаны новыя сувязі. А яшчэ прадэгуставалі нацыянальную літоўскую кухню – вельмі смачныя цэпеліны. І вясна ў сваёй сонечнай шчодрасці нашэптвала: далей выставу чакаюць у Эстоніі!
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры