З 21 па 28 мая 2022 года ў Даўгаўпілсе пройдуць традыцыйныя Дні беларускай культуры. Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) прапануе гледачам цікавую, разнапланавую праграму.
Стартуюць Дні беларускай культуры ў суботу, 21 мая, у 13:30, з адкрыцця перасовачнай фотавыставы “Беларусь: цудоўныя імгненні” з фондаў Нацыянальнай Бібліятэкі Беларусі (Мінск). Увазе гледачоў будуць прадстаўлены маляўнічыя фатаграфіі з выявай аб'ектаў сакральнай архітэктуры, дзіўнай прыгажосці ландшафтаў, прыродных сімвалаў Беларусі – бусла і зубра, будучыні краіны – дзетвары. (ЦБК, вул. Алеяс, 68)
У 14:00, адразу пасля адкрыцця фотавыставы, збірае Літаратурная гасцёўня на юбілейны творчы вечар “Зямны паклон” паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі. У праграме вечарыны – прэзентацыя новых зборнікаў вершаў, песні на словы С. Валодзькі ў выкананні творчых калектываў ЦБК, а таксама гасцей з Даўгаўпілса, Ліван і Вісагінаса. (ЦБК, вул. Алеяс, 68)
Панядзелак, 23 мая, пачнецца з богаслужэння ў гонар прападобнай Еўфрасінні Полацкай – апякункі і нябеснай заступніцы зямлі беларускай, якое адбудзецца ў 12:00 у храме-капліцы Св. Аляксандра Неўскага (вул. Саўлес, 20).
У 17:00 пройдзе заключнае мерапрыемства даследчай акцыі “Артэфакты маёй сям'і”. На гэты раз тэмай даследавання стануць сакральныя рэчы, якія беларусы Даўгаўпілса беражліва захоўваюць як сувязную нітку з этнічнай радзімай. (ЦБК, вул. Алеяс, 68)
У аўторак, 24 мая, у 10:00, адкрываецца літаратурная выстава, прымеркаваная да 80-годдзя беларускага паэта, даследчыка, журналіста, перакладчыка Сяргея Панізніка, узнагароджанага латвійскім ордэнам Трох Зорак і беларускім медалём Францыска Скарыны. (ЦБК, вул. Алеяс, 68)
У 17:00 у Літаратурнай гасцёўні адбудзецца творчая вечарына “Дарогу адолее ідучы” паэта Яўгена Голубева, члена Саюза пісьменнікаў Расіі. Аўтар паэтычных кніг для дарослых і дзяцей прадставіць чытачам свой новы, юбілейны зборнік. (ЦБК, вул. Алеяс, 68)
У сераду, 25 мая, у 17:00, адкрыецца персанальная выстава карцін рыжскай мастачкі Ірыны Ятнавай. На экспазіцыі “У свеце кветак” будзе прадстаўлена больш за 20 работ – кветкі простыя, дзіўныя, незвычайныя. Даўгаўпілс адкрые для сябе новае імя, а мастак для сябе – Даўгаўпілс. (ЦБК, вул. Алеяс, 68)
Завершацца Дні беларускай культуры юбілейным канцэртам “Купалінка -30”, які пачнецца ў суботу, 28 мая, у 14:00. З прыгожым святам ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” павіншуюць аматарскія калектывы “Лянок”, “Паўлінка”, “Спадчына”, “Пралескі”, дзіцячая студыя “Скарбніца”. (Канцэртная зала Дома Адзінства, вул. Рыгас, 22А).
Сардэчна запрашаем на майскія Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе!
Уваход свабодны. На ўсіх мерапрыемствах вядзецца фота і відэаздыманне.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры