З 15 па 21 сакавіка 2021 года Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) праводзіў онлайн Тыдзень беларускай выцінанкі для ўдзельнікаў дзіцячай студыі “Скарбніца” і беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”. Дзеці пазнаёміліся з традыцыямі абрадавага свята “Гуканне вясны” і вучыліся на майстар-класе вырабляць выцінанкі “Птушкі з далоні”.
Свята “Гуканне вясны” з'яўляецца адным з самых радасных і вясёлых вясновых святаў. Гэта час, калі парадкам надакучыўшая зіма пачынае павольна сыходзіць, а каб паскорыць прыход вясны, народ наладжвае шумныя шырокія гулянні. Гукаюць вясну звычайна ў канцы сакавіка, пачатку красавіка. Месца святкавання заўсёды выбіралася альбо на беразе ракі, альбо на высокім пагорку, каб паказаць вясне, як добра і прасторна ёй будзе ў гэтым месцы. На свяце абавязкова вадзілі карагоды, спявалі песні і танцавалі, а таксама шмат весяліліся і смяяліся.
Цэнтр беларускай культуры традыцыйна кожны год праводзіць свята “Гуканне вясны” для дзяцей. Аднак у гэтым годзе з-за абмежаванняў, звязаных з распаўсюджваннем каронавіруса, фармат мерапрыемства змяніўся. Кіраўніца дзіцячай студыі “Скарбніца” Настасся Лукашэнак і выкладчыца нядзельнай школы “Вясёлка” таварыства “Уздым” Алена Радзівонава правялі навучальны занятак з майстар-класам для сваіх выхаванцаў на пляцоўках Zoom і WhatsApp. Падчас мерапрыемства дзеці пазнаёміліся з традыцыямі святкавання “Гукання вясны”, з элементамі і прадметамі, якія выкарыстоўваюцца, пачулі традыцыйныя гукі і мелодыі заклікання вясны і разам паўтарылі іх.
У канцы пазнавальнай часткі заняткаў дзятва пазнаёмілася з беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам “выцінанка” – гэта выразанне аплікацыі з паперы. Дзеці творча падышлі да справы і, выразаўшы патрэбныя элементы з паперы, дадалі яркія фарбы і свае непаўторныя акцэнты ў “птушачку-далоньку”. Акно музейнага пакоя “Беларуская хатка” заўсёды ярка сустракае вясну.
Цэнтр беларускай культуры дзякуе ўдзельнікаў майстар-класа за праяўленую актыўнасць і творчы падыход. Узнагарода – дыпломы і сувеніры!
“Г-у-у-у, вясна! Г-у-у-у, красна!
Жаўраначкі, прыляціце, вясну прынясіце!”
Запрашаем кожнага паклікаць вясну, а то штосьці яна затрымліваецца. Можна “пагукаць” і на прыродзе!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры