2 снежня 2017 года ў Даўгаўпілсе прайшоў адзін з рэгіянальных адборачных аглядаў на Уселатвійскае свята песні і танца і Міжнародны фальклорны фестываль «Baltica-2018». Па заключэнні аўтарытэтнага журы два з пяці творчых калектываў Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) увайшлі ў лік лепшых і летам будуць удзельнічаць у прэстыжным культурным форуме краіны.
Уселатвійскае свята песні і танца і Міжнародны фальклорны фестываль «Baltica-2018» пройдзе у 2018 годзе з 30 чэрвеня па 8 ліпеня. Адборачныя агляды прайшлі ў Рызе, Ліепаі, Даўгаўпілсе і Рэзэкнэ.
У рэгіянальным аглядзе ў Даўгаўпілсе 2 снежня 2017 года прымалі ўдзел 28 прэтэндэнтаў - фальклорныя, вакальныя, інструментальныя і танцевальныя ансамблі, хоры, салісты.
Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры заявіў на агляд свае пяць творчых калектываў:
- ансамбль народнай беларускай песні «Купалінка» (кіраўнік Вячаслаў Пятроў),
- танцавальны ансамбль «Лянок» (кіраўніца Марына Медунецкая),
- харавую капелу «Спадчына» (кіраўніца Яніна Юзэфовіч),
- вакальна-інструментальны ансамбль «Пралескі» (кіраўніца Настасся Малышава),
- тэатральную студыю «Паўлінка» (кіраўніца Інэса Казлоўская).
Тэмай будучага фестывалю стала свята летняга сонцастаяння - свята Ліга ў латышскай традыцыі, а ў беларусаў гэта Купалле. Канцэртная праграма кожнага калектыву (працягласцю да 12 хвілін) стала дэбютным выступленнем, паколькі адмыслова рыхтавалася для такой важнай падзеі, як адборачны агляд на Уселатвійскае свята песні і танца і Міжнародны фальклорны фестываль «Baltica-2018».
На аглядзе ў Даўгаўпілсе толькі адзін калектыў быў удастоены вышэйшай ступені - «Карагод» з Рыгі. Першай ступені журы ўдастоены пяць калектываў, з якіх два - з Даўгаўпілса, і абодва - Цэнтра беларускай культуры: ансамбль беларускай народнай песні "Купалінка" узначаліў турнірную табліцу (42,29 пункта), а тэатральная студыя «Паўлінка» закрыла (40 пунктаў). Другую ступень прысудзілі 15-ці калектывам, і ў іх лік увайшоў вакальна-інструментальны ансамбль ЦБК "Пралескі" (36,71 пункта), для якога гэта быў першы агляд і вопыт. Ансамбль "Лянок" набраў 33 пункты, «Спадчына» - 32,57 пункта, адзначаны як удзельнікі Трэцяй ступені.
Згодна палажэння, аўтаматычна ўдзельнікамі Уселатвійскага свята песні і танца становяцца калектывы, якія па выніках агляду ацэнены на Вышэйшую, 1-ю і 2-ю ступені. Такім чынам, беларускія калектывы «Купалінка», «Паўлінка» і «Пралескі» будуць выступаць на Уселатвійскім свяце песні і танца. У сваю чаргу, фальклорная «Купалінка» і тэатральная «Паўлінка» будуць удзельнічаць у Міжнародным фальклорным фестывалі «Baltica-2018». Віншуем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры