У гарадскім велікодным канцэрце ўдзельнічалі “Паўлінка” і “Лянок”
Друкаваць

У гарадскім велікодным канцэрце ўдзельнічалі “Паўлінка” і “Лянок”

Па традыцыі ў другі дзень Вялікадня, 21 красавіка 2025 года, на плошчы Віенібас адбыўся вялікі святочны канцэрт “Sagaidīju Lielu dienu”, арганізаваны Домам адзінства. Беларускую культуру на ім прадставілі тэатральная студыя “Паўлінка” і танцавальны ансамбль “Лянок” Цэнтра беларускай культуры.

Сонечным вясеннім днём гледачам быў прадстаўлены беларускі фальклор. Удзельнікі тэатральнай студыі “Паўлінка” акапэльна выканалі народныя песні рэгіёну Палессе, а саліст Аляксандр Лапа – песню “Ой, ля дуба-дубачка” пад акампанемент на акардэоне ў выкананні Вячаслава Пятрова. Ансамбль “Лянок” паказаў народны танец “Карапет”, запрасіўшы гледачоў на танец. У сваю чаргу, дзеці актыўна адгукнуліся на запрашэнне паўдзельнічаць у гульні “Зайчык”. Інэса Казлоўская спявала, а хлопцы скакалі, як зайчыкі. Хто паспяхова пераскочыў праз перашкоды, атрымаў салодкі прыз – шакаладныя яйкі.

Цэнтр беларускай культуры працягне знаёміць даўгаўпілчан з велікоднымі традыцыямі беларусаў.

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры