Паэт Станіслаў Валодзька прадставіў публіцы “Астры дабрыні”
Друкаваць

Паэт Станіслаў Валодзька прадставіў публіцы “Астры дабрыні”

24 лістапада 2023 года ў структурным падраздзяленні “Цэнтр беларускай культуры” (ЦБК) установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання адбылася творчая вечарына паэта Станіслава Валодзькі “Астры дабрыні”, прысвечаная прэзентацыі аднайменнага кампакт-дыска песень. Традыцыйная лістападаўская сустрэча прайшла з аншлагам.

Станіслаў Валодзька – вядомы паэт-песеннік, дзіцячы пісьменнік, член аўтарытэтных літаратурных і грамадскіх арганізацый, яго творчасць адзначана шматлікімі ўзнагародамі.

С. Валодзька – ураджэнец Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Беларус, прафесійны філолаг, піша на беларускай мове. Творчы багаж літаратара складаюць зборнікі вершаў для дзяцей і дарослых на беларускай і рускай мовах. Вершы Станіслава Валодзькі рэгулярна публікуюцца ў Латвіі, Беларусі і іншых краінах. Таксама паэт практыкуе перакладаць на беларускую мову папулярныя латышскія і латгальскія песні.

“Астры дабрыні” – новы зборнік песень, які паэт выпусціў у суаўтарстве з беларускім кампазітарам Альбертам Белусем.

Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, віншуючы Станіслава Валодзьку, адзначыла глыбокі сэнс назвы зборніка. Астры – гэта кветкі-зоркі, якія разганяюць смутак, дабрыня – асноўная маральная якасць чалавека. Невыпадкова ў беларускіх кветніках абавязкова растуць астры, і дораць іх ад добрага сэрца добраму чалавеку, каб яны дапамаглі яму здабыць раўнавагу і аздаравіць душу.

У дыск “Астры дабрыні” увайшлі песні аб малой радзіме, бацькоўскай хаце і культурнай спадчыне продкаў, аб прыродзе, юнацтве і каханні. Іх выканалі вакальныя калектывы ЦБК “Скарбніца”, “Пралескі”, “Спадчына” і “Купалінка”. У тым ліку гучалі і прэм'ерныя нумары. Песнямі на вершы С. Валодзькі павіншавалі паэта саліст з Дагды Артур Трэпша, дуэт Лідзіі Знотыні і Яўгена Пашкевіча з Ліван.

Кожны на канцэрце пачуў тое, што блізка і дорага яго сэрцу. Шмат цёплых слоў адрасавалі аўтару калегі-паэты і знатакі паэтычнага слова.

Цэнтр беларускай культуры і паэта Станіслава Валодзьку звязвае шматгадовае плённае супрацоўніцтва.

Інфармацыя падрыхтавана:

Марыя Памецька,

метадыст Цэнтра беларускай культуры