Малюнкі выхаванцаў “Скарбніцы” адзначаны дыпломамі “Радзімы”
Друкаваць

Малюнкі выхаванцаў “Скарбніцы” адзначаны дыпломамі “Радзімы”

Дыпломы і салодкія прызы атрымалі выхаванцы дзіцячай студыі “Скарбніца”, якія ўдзельнічалі ў Міжнародным конкурсе малюнка па казках і вершах Максіма Танка, які праводзіў Цэнтр нацыянальных меншасцей “Радзіма” у Эстоніі.

Цэнтр нацыянальных меншасцяў “Радзіма” у Эстоніі штогод праводзіць міжнародны конкурс малюнкаў, прымеркаваны да юбілею беларускага літаратара, які ствараў творы для дзяцей. У 2022 годзе літаратурны свет Беларусі адзначаў 110-годдзе з дня нараджэння Максіма Танка. Гэтай падзеі і быў прысвечаны конкурс малюнкаў пад назвай “Краіна-казка…”. У ім прынялі ўдзел 207 школьнікаў з Эстоніі, Латвіі, Іарданіі, Расіі і Беларусі.

У Талін адправіліся малюнкі дзяцей з дзіцячай студыі “Скарбніца” Цэнтра беларускай культуры г. Даўгаўпілса. Пад кіраўніцтвам педагога Настассі Лукашэнак дзеці пазнаёміліся з казкамі і вершамі класіка беларускай літаратуры, а потым малявалі. Прыемны сюрпрыз – дыпломы і шакалад, прыйшоў па пошце з Эстоніі ў Даўгаўпілс, даставіўшы радасць юным талентам.

Цэнтр беларускай культуры (г. Даўгаўпілс) і Цэнтр нацыянальных меншасцяў “Радзіма” (г. Талін) звязвае пагадненне і гады плённага супрацоўніцтва.

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры